Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве заявілі аб зьнішчэньні комплексу «Арэшнік» і просяць Эўропу адрэагаваць на іх разьмяшчэньне ў Беларусі


Наступствы расейскага ўдару ракетай «Арэшнік» па ўкраінскім горадзе Дніпро 21 лістапада 2024 году. Архіўнае фота
Наступствы расейскага ўдару ракетай «Арэшнік» па ўкраінскім горадзе Дніпро 21 лістапада 2024 году. Архіўнае фота

Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Малюк заявіў аб зьнішчэньні комплексу «Арэшнік» на тэрыторыі Расеі.

«Адзін з трох „Арэшнікаў“ былі пасьпяхова зьнішчаныя на іх тэрыторыі ў Капусьціным Яры сіламі Галоўнага ўпраўленьня выведкі, СБУ і Службы замежнай выведкі», — сказаў Васіль Малюк на нарадзе з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Паводле яго, гэта адбылося летам 2023 году да таго, як публічна ў Расеі заявілі пра існаваньне такіх ракет. Згодна зь інфармацыяй украінскага боку, летась у Расеі зрабілі тры комплексы «Арэшнік», а цяпер могуць ствараць па шэсьць на год.

У сваю чаргу прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў эўрапейскія краіны адрэагаваць на разьмяшчэньне расейскіх ракет «Арэшнік» у Беларусі і ўвесьці санкцыі супраць 25 прадпрыемстваў Расеі, якія ўдзельнічаюць у іх вытворчасьці.

«Яны хочуць разьмясьціць „Арэшнік“ у Беларусі. Мы разумеем, прыблізны радыюс дзеяньня 5 тысяч кілямэтраў. То бок эўрапейцам, асабліва ва Ўсходняй Эўропе трэба зьвярнуць на гэта ўвагу, і нашым балтыйскім калегам, і ўсім, на гэтыя рызыкі», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны дадаў, што ўкраінскі бок падрыхтаваў сьпіс прадпрыемстваў, якія ўдзельнічаюць у вытворчасьці гэтых ракет для ўвядзеньня супраць іх міжнародных санкцый.

«25 вытворцаў, якія працуюць на тое, каб яны маглі вырабляць „Арэшнікі“, расейскіх кампаній, і яны не знаходзяцца пад санкцыямі. Гэта важна», — падкрэсьліў ён.

У сакавіку 2025 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што да канца году Масква перадасьць Беларусі некалькі ракетных комплексаў «Арэшнік». Пускавыя ўстаноўкі для ракетнага комплексу, адзначыў ён, вырабляюць у Беларусі. Пазьней удакладнілі, што гэта можа адбыцца ў сьнежні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG