«Хачу адведаць магілы людзей з прозьвішчамі маіх дзядоў»
Беларуска Станіслава (імя зьмененае дзеля бясьпекі) на Дзяды абавязкова хадзіла на могілкі, дзе пахаваныя сваякі. Паводле каталіцкай традыцыі прыбірала магілы перад Днём усіх сьвятых, запальвала зьнічы.
«Зьбіраліся на могілках з роднымі, прыгадвалі бабуляў і дзядоў, пазьней — маіх маці і бацьку. На эміграцыі ўсё гэта стала недасяжным, і першы год было вельмі цяжка на душы, што я тут, а магілы родных — далёка».
У 2022 годзе яна вымушана выехала зь Беларусі.
«Я шмат думала, чым можна замяніць наведваньне „родных“ могілак на чужыне. Летась на Дзяды заўважыла, што на бліжэйшых гарадзкіх могілках людзі ставяць зьнічы да крыжа, што недалёка ад уваходу. Чамусьці падумалася, што так робяць, магчыма, якраз тыя, хто ня можа адведаць пахаваньні блізкіх ці нават ня ведае, дзе яны пахаваныя, — ці мала было віхураў, што закруцілі людскія лёсы. Таму летась таксама ўзяла зьніч, пайшла на могілкі і запаліла яго сярод некалькі дзясяткаў іншых», — узгадвае Станіслава.
Селета ёй прыйшла ў галаву яшчэ адна ідэя — пасьля таго як пабачыла сайт варшаўскіх могілак Павонзкі, дзе ёсьць пошук пахаваньняў.
«Без асаблівае надзеі увяла ў радок пошуку прозьвішчы сваіх бабуляў і дзядоў. І выявілася, што на Павонзках таксама пахаваныя людзі з такімі прозьвішчамі. Я разумею, што яны мне наўрад ці сваякі, нават далёкія, але, агулам кажучы, мы ўсё ж прадстаўнікі аднаго роду. Таму хачу адведаць магілы людзей з прозьвішчамі маіх дзядоў. Калі раптам высьветліцца, што яны недагледжаныя, заняпалыя, — вазьму над імі сталую апеку», — абяцае беларуска.
«Магіла Корбута хавалася пад шчыльным дываном з плюшчу»
Ганна жыве ў Варшаве ўжо амаль 20 гадоў. І штогод вясной і ўвосень прыходзіць на магілу беларуса, пахаванага ў 1894 годзе на старых варшаўскіх могілках Павонзкі.
«Ляжыць там каменная пліта з надпісам, літары нібыта з латуні, вельмі крохкія, некаторыя павыпадалі, але надпіс добра чытаецца. Крыж, таксама каменны, ён ужо ўпаў з пастамэнту і стаіць убаку. Але пахаваньне нашага земляка выглядае дагледжаным, варта толькі пазмываць бруд, павырываць пустазельле, зьніч паставіць», — апавядае Ганна.
А пачалося з таго, што дасьледнік беларушчыны Антон Францішак Брыль напісаў, што знайшоў ў львоўскай газэце згадку пра сьмерць Ялегія Пранціша Корбута ў Варшаве. Пачалі шукаць магілу. Ёсьць такі сайт «Вялікая генэалёгія Мінакоўскай», ён зьвязаны з інтэрнэт-старонкаю могілак Павонзкі, і там быў запіс пра магілу з пазначэньнем сэктару.
Былі там і нумары шэрагу і месца, але памылковыя. Давялося шукаць на месцы. Проста ўважліва агледзець усе пахаваньні ў сэктары. Выявілася, што магіла Ялегія Пранціша Корбута хавалася пад шчыльным дываном з плюшчу.
Ялегі Пранціш Корбут — беларускі шляхціч з роду Карафа-Корбутаў, паэт і ўдзельнік паўстаньня Каліноўскага. Нарадзіўся ў 1835 годзе ў Віцебску. У паўстаньні 1863–1864 гадоў удзельнічаў разам з бацькам і братам. Арыштаваны, высланы ў Сыбір.
«Праз 10 гадоў яму дазволілі пасяліцца ў Варшаве, тут ён і дажыў свой век — 59 гадоў. Супрацоўнікі „Gazety Polskiej“, дзе ён працаваў карэктарам, напісалі вельмі кранальны нэкралёг. З спадчыны паэта, а пісаў ён пад псэўданімам Ялегі Вуль, захаваўся па-беларуску верш „К дудару Арцёму ад наддзьвінскага мужыка“: „Што табе, дудар, прысьпела сьмелы песні завадзіць?“
Але дасьледнікі маюць падставы таксама шукаць доказы, што гэта Вуль напісаў „Тараса на Парнасе“, — апавядае спадарыня Ганна.
«На Дзяды ў беларусаў не павінна быць суму — павінна быць надзея, што яны некалі вернуцца»
Сьвятар, таксама вымушаны зьехаць зь Беларусі, раіць сваім суайчыньнікам у памінальныя восеньскія дні зьвяртацца да каранёў, згадваць сваю прыналежнасьць да народу, які мае вельмі славутую гісторыю.
«Сьвята ўспамінаў усіх памерлых вернікаў, сьвята Дзяды, калі ўзгадваем нашых продкаў, спрыяе таму, каб акурат заняцца сваёй памяцьцю, культываваць яе, дбаць пра яе, узгадаць, што мы належым да высакароднага беларускага народу.
Так, мы ня можам пайсьці на могілкі сваіх блізкіх, продкаў у Беларусі. Але ў тых краінах, у якіх мы знаходзімся, заўсёды можам знайсьці на могілках сярод мясцовых людзей і пахаваньні слынных беларусаў. Ужо становіцца традыцыяй, што беларусы за мяжой наведваюць могілкі славутых землякоў, герояў Беларусі — ці то ў Вільні, ці то ў Варшаве», — кажа сьвятар.
Гэта, з аднаго боку, ня могілкі сваякоў, але, зь іншага боку, гэта беларускія могілкі. Таму вельмі важна схадзіць у гэты дзень на могілкі, узгадаць сваіх, запаліць там сьвечку, пакінуць кветкі, — разважае сьвятар.
«А глядзіш, і могілкі тваіх блізкіх хтосьці ўшануе ў Беларусі, прывядзе іх у парадак. Ты дбаеш пра могілкі беларусаў тут, а твае могілкі іншыя наведаюць на тваёй Бацькаўшчыне, куды ты пакуль ня можаш трапіць».
Таксама добра было б, каб на гэтых могілках на Дзяды ў беларусаў не было суму ў сэрцы, але каб была надзея, што яны некалі вернуцца ў Беларусь, — раіць сьвятар.
«Няхай героі, на могілкі якіх мы прыйдзем, натхняюць нас у гэты няпросты час, каб не разьменьвацца на дробязі, не гуляць ў нейкія дэмакратычныя гульні, а думаць пра тое, што мы можам зрабіць, каб сапраўды вярнуцца ў Беларусь, заняць наша пачэснае месца ў нашай Беларусі», — кажа каталіцкі сьвятар.
Памятныя захады ў Варшаве і Вільні
Варшава. 2 лістапада, у нядзелю, на Дзяды ў касьцёле сьвятога Аляксандра на пляцы Трох Крыжоў адбудзецца сьвятая Імша ў памяць усіх беларусаў, загінулых за веру, за волю і за Бацькаўшчыну. Пачатак аб 11.30.
Пасьля Імшы — выступы, сьпевы, успаміны. Пасьля 13-й гадзіны паездка на Павонзкаўскія могілкі, дзе пахаваныя і слынныя беларусы.
Вільня. Плянуюцца абыходы Росаў і Бэрнардынскіх могілак, дзе стаяць помнікі выбітным беларусам Антону і Івану Луцкевічам, Лявону Вітан-Дубейкаўскаму, Казімеру Сваяку, Францішку Аляхновічу, Каміле Марцінкевіч і іншым.
Росы: збор 1 лістапада (субота), а 16:00 каля галоўнага ўваходу.
Бэрнардынскія могілкі: збор 2 лістапада (нядзеля) у 13:00 каля ўваходу.
Эўфрасіньнеўскія могілкі на Ліпоўцы, дзе пахаваныя дырэктар Віленскай беларускай гімназіі Сяргей Паўловіч, міністар БНР Тодар Вернікоўскі, сьвятар Аляксандар Коўш, 1 лістапада апоўдні наведаюць сьвятары і вернікі беларускага прыходу Канстантынопальскага патрыярхату.
Форум