Аляксандру Фядуту споўніўся 61 год
Жонка Аляксандра Фядуты Марына Шыбко згадала, што гэта ўжо пяты раз, калі ён адзначае свой дзень нараджэньня ў турме. Яна піша, што Аляксандар моцна зьмяніўся, але «вочы засталіся такімі ж прамяністымі»:
«Цікавіцца літаратурай, перачытвае бібліятэку і марыць вярнуцца да хатняй. Хочацца верыць».
Паводле праваабаронцаў, 61-гадовы літаратуразнаўца і палітоляг Аляксандар Фядута цярпіць ад прыступаў стэнакардыі і арытміі, перасоўваецца з кійком, ня можа нармальна адпачываць, між тым у калёніі яго ня вызвалілі ад працы на вытворчасьці.
Аляксандра Фядуту асудзілі на 10 гадоў зьняволення нібыта за «змову з мэтай захопу ўлады». Палітвязьня трымаюць у папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам, дзе ён моцна схуднеў, мае праблемы з здароўем.
Ігара Аліневіча зьмясьцілі ў ПКТ
Паводле @a_partisans, у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) Ігара адправілі пасьля двух месяцаў у ШЫЗА (штрафным ізалятары).
У жніўні 2025 году скончыўся тэрмін турэмнага рэжыму Ігара Аліневіча, пасьля чаго яго адправілі ў мазырскую калёнію № 20.
Ігар Аліневіч — актывіст анархісцкага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 году. Яго абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынкаў ДАІ і дзяржаўнага камітэту экспэртызаў у Гомельскай вобласьці. У выніку Ігара асудзілі на 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.