Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскага палітыка, які балятаваўся ў прэзыдэнты, узнагародзілі ў Беларусі


Гжэгаж Браўн спальвае сьцяг Эўразьвязу, архіўны здымак
Гжэгаж Браўн спальвае сьцяг Эўразьвязу, архіўны здымак

Рэжым Лукашэнкі трэці год запар праводзіць узнагароджаньне прэміяй Эміля Чэчкі — польскага вайсковага дэзэртыра, якога выкарыстоўвала прапаганда ў Менску.

Афіцыйна ўзнагарода называецца Міжнароднай прэміяй правоў чалавека імя Эміля Чэчкі. Польскае выданьне OKO.press паведаміла пра тое, што сёлета прэміяй узнагародзілі полськага палітыка Гжэгажа Браўна.

Браўн — дэпутат Эўрапейскага парлямэнту, які раней пакінуў радыкальна правую партыю «Канфэдэрацыя», якая выступае супраць дапамогі Ўкраіне. Гэты палітык вылучаўся на пасаду прэзыдэнта Польшчы і ў першым туры набраў 6,34% галасоў. Браўн вядомы сваімі адкрытымі ксэнафобскімі выказваньнямі, падтрымкай Палестыны, антысэміцкімі акцыямі і спаленьнем сьцягу Эўразьвязу ва ўрадавых будынках Польшчы.

Прэмію прысуджае фонд імя Чэчкі за ўнёсак у абарону свабодаў і правоў чалавека. Беларускія СМІ паведамляюць, што сёлетнімі лаўрэатамі прэміі «сталі людзі, якія сапраўды абараняюць правы чалавека і не баяцца казаць праўду пра факты, схаваныя за фасадам „еўрапейскіх каштоўнасцей“».

Сярод узнагароджаных сёлета таксама Юрген Эльцэсэр, нямецкі журналіст і прыхільнік прарасейскай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны»; былы актывіст прарасейскай партыі «Зьмяна» Томаш Й.; дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Міхаіл Дзялягін; сяброўка Савету правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі Ева Меркачова.

Агулам сёлета ўзнагароду імя Чэчкі атрымалі восем чалавек, хоць, па словах Дзьмітрыя Белякова, старшыні названага фонду, плянаваліся 10 узнагародаў. Двое чалавек ня здолелі атрымаць свае ўзнагароды праз закрыцьцё межаў.

На атрыманьне Браўнам прэміі ўжо адрэагаваў міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, які напісаў у сваім профілі ў сетцы Х, што гэтай прэміі больш заслугоўваў бы Томаш Шмыт. Яшчэ аднаго перабежчыка з Польшчы Сікорскі назваў «недасудзьдзём».

Хто такі Чэчка

Жаўнер Эміль Чэчка, паводле інфармацыі беларускіх уладаў і СМІ, уцёк у Беларусь 16 сьнежня 2021 году. Ён папрасіў палітычнага прытулку.

У інтэрвію спачатку на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах, а затым і на прэс-канфэрэнцыі расказваў пра масавыя забойствы мігрантаў і валянтэраў польскімі вайскоўцамі, а таксама прызнаваўся, што і сам удзельнічаў у гэтых расстрэлах. Ніякіх доказаў пры гэтым ён не прывёў.

Ён таксама казаў, што падаў заяву ў Гаагскі трыбунал, каб «польскае грамадзтва даведалася праўду аб сытуацыі, якая адбываецца на мяжы».

Заявы Чэчкі аб «масавых забойствах мігрантаў» не пацьвердзіліся.

У Офісе Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН правялі праверку і не знайшлі пахаваньняў мігрантаў на польска-беларускай мяжы, пра якія гаварыў Чэчка.

17 сакавіка стала вядома, што Чэчку знайшлі павешаным у Менску па месцы жыхарства. Праводзілася судова-мэдыцынская экспэртыза для вызначэньня дакладнай прычыны сьмерці.

СК заяўляў, што разглядае ўсе магчымыя вэрсіі здарэньня, у тым ліку гвалтоўны характар сьмерці. Вынікамі праверкі па факце гібелі Чэчкі СК не падзяліўся да гэтага часу. Пахавалі Чэчку ў Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG