Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі войска будзе ўдзельнічаць у вырашэньні ўнутраных канфліктаў. Якія яшчэ зьмены ўхвалілі 5 лістапада

абноўлена

Дактыляскапія на мяжы. Ілюстрацыйнае фота
Дактыляскапія на мяжы. Ілюстрацыйнае фота

А беларусаў, якія стала жывуць за мяжой, абавяжуць здаваць адбіткі пальцаў пры ўезьдзе ў Беларусь.

Палата прадстаўнікоў у другім чытаньні ўхваліла два законапраекты, якімі ўносіць зьмены ў шэраг законаў аб нацыянальнай бясьпецы.

Як адзначаецца ў Telegram-канале Палаты прадстаўнікоў, адзін з законапраектаў падрыхтаваны і ўхвалены з мэтай прывядзеньня законаў у адпаведнасьць з ваеннай дактрынай Беларусі.

Сярод навацыяў— прызнаньне агрэсіяй узброенага нападу ня толькі на Беларусь, але і на так званую «саюзную дзяржаву» ці дзяржаву, якая ўваходзіць у АДКБ.

У законе аб Узброеных сілах Беларусі пашырылі пералік задачаў беларускага войска, сярод якіх цяпер і ўдзел у недапушчэньні ўнутранага канфлікту, а ў выпадку яго пачатку — дапамога ў яго спыненьні (у 2020 годзе беларускіх вайскоўцаў выкарыстоўвалі ў часе масавых пратэстаў. — РС).

Іншы ўхвалены ў другім чытаньні праект закону прадугледжвае пашырэньне пераліку грамадзян, у якіх бяруць адбіткі пальцаў, у тым ліку пры перасячэньні мяжы.

Дакумэнт прадугледжвае абавязковую дактыляскапію пры выданьні дакумэнтаў для грамадзян Беларусі ад 14 да 75 гадоў, якія набылі грамадзянства замежнай краіны або дазвол на жыхарства ці іншы дакумэнт, які надае права на льготы й іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі і рэлігійнымі поглядамі або на падставе нацыянальнай прыналежнасьці.

Таксама здаваць адбіткі пальцаў абавяжуць грамадзян Беларусі, якія стала жывуць за мяжой і стаяць на консульскім уліку ў беларускіх консульствах.

Дактыляскапію зробяць абавязковай і для іншаземных грамадзян, які зьвярнуліся па атрыманьне статусу ўцекача ў Беларусі або па дазвол на часовае ці сталае жыхарства на беларускай тэрыторыі.

Раней заканадаўства Беларусі абавязвала здаваць адбіткі пальцаў толькі іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, уключаных у сьпісы непажаданых ці дэпартаваных асобаў.

Абавязковую дактыляскапію плянуюць увесьці для людзей, якія на момант высьвятленьня іхнай асобы праз стан здароўя ці ўзрост ня могуць паведаміць зьвесткі пра сябе або адмаўляюцца гэта зрабіць.

Апроч таго, дакумэнт абавязвае юрыдычныя асобы і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца міжнароднымі аўтамабільнымі перавозкамі, перадаваць у інфармацыйныя сыстэмы Міністэрства транспарту і камунікацыяў пэрсанальныя зьвесткі пасажыраў.

Памежнікам таксама надалі права праводзіць асабісты надгляд грамадзян і іхных рэчаў пры дапамозе тэхнічных і спэцыяльных сродкаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG