Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы сьпікер парлямэнту Чэхіі зьняў з будынку сьцяг Украіны. Праўкраінскія дэпутаты вывесілі ў адказ сьцягі ў кабінэтах


Томіё Окамура дапамагае здымаць сьцяг Украіны
Томіё Окамура дапамагае здымаць сьцяг Украіны

Новы сьпікер Палаты дэпутатаў парлямэнта Чэхіі, лідэр правапапулісцкай партыі «Свабода і простая дэмакратыя» (SPD) Томіё Окамура ў першы ж дзень пасьля прызначэньня сьпікерам распарадзіўся зьняць з будынку палаты сьцяг Украіны.

Ён асабіста трымаў драбіны, калі работнік прыбіраў украінскі дзяржаўны сымбаль. Запіс гэтага працэсу палітык выклаў у сацыяльнай сетцы.

«Чэская Рэспубліка на першым месцы», — кажа Т. Окамура на відэа. Ён даўно крытыкаваў украінскія сьцягі на грамадзкіх будынках у Чэхіі, падкрэсьліваючы, што гэта сьцягі іншай краіны. Яшчэ перад выбарамі ён абяцаў, што як толькі SPD акажацца ва ўладзе, усе ўкраінскія сьцягі будуць зьнятыя. Т. Окамура таксама выступаў за скарачэньне дапамогі ўкраінскім уцекачам.

Пазыцыю Т. Окамуры не падзялілі многія дэпутаты чэскага парлямэнта.

Дэпутаты ад кааліцыі «Грамадзянскай дэмакратычнай партыі» (ODS), якая ўваходзіла ў ранейшую кіроўную кааліцыю ў Чэхіі, рэагуючы на дзеяньні новага сьпікера, вывесілі ўкраінскі сьцяг у вокнах свайго офісу ў будынку Палаты дэпутатаў, пішуць Novinky.cz. «Мы ў ODS вырашылі апэратыўна выправіць першы крок новага сьпікера», — заявілі яны. Заканадаўцы ад партый «Старасты і незалежныя», якія выступаюць за падтрымку Ўкраіны ў вайне з Расеяй (STAN) і «Піраты» зрабілі тое ж самае.

Папярэдні сьпікер палаты Маркета Пекарава Адамава (ад праэўрапейскай партыі TOP09) падкрэсьліла: «Украінскі сьцяг на будынку Палаты дэпутатаў быў сымбалем гуманізму і салідарнасьці з нацыяй, якая сутыкнулася з жорсткасьцю і несправядлівай вайной», — напісала яна.

Партыя Т. Окамуры набрала на апошніх парлямэнцкіх выбарах толькі 7,78% галасоў, што нават ніжэй за чаканыя экспэртамі 10%. Але яна ўвайшла ў кіроўную кааліцыю разам з рухам ANO Андрэя Бабіша і яшчэ адной правапапулісцкай партыі «Аўтамабілісты для сябе». Томіё Окамура пры гэтым не атрымаў пасаду ў новым урадзе, але чальцы ANO, якія маюць большасьць у парлямэнце, падтрымалі яго кандыдатуру на пасаду сьпікера ў таемным галасаваньні.

Папярэдні праэўрапейскі ўрад Чэхіі актыўна дапамагаў Украіне. Краіна прыняла сотні тысяч украінскіх уцекачоў, а таксама ініцыявала агульнаэўрапейскі праект продажу зброі і боепрыпасаў Кіеву.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG