Вынікі маніторынгавага дасьледаваньня паказалі, што ў Кіеве, паводле словаў вучняў, 24% настаўнікаў на ўроках і 40% падчас перапынкаў парушаюць моўны закон — яны карыстаюцца нядзяржаўнай мовай. Сярэдні паказьнік па Ўкраіне складае 14% падчас урокаў і 21% падчас перапынкаў.
Падчас апытаньня вучні адзначылі, што самі парушаюць моўны закон — 66% гавораць па-расейску падчас урокаў, 82% — падчас перапынкаў (па Ўкраіне гэтыя лічбы істотна адрозьніваюцца: падчас урокаў — 40%, падчас перапынкаў — 52%).
«Кіеў можна аднесьці да аднаго з найбольш зрасейшчаных рэгіёнаў Украіны. Усе паказьнікі ніжэйшыя, чым у сярэднім па краіне. Маладое пакаленьне карыстаецца расейскай мовай нават часьцей, чым іхныя бацькі. Гэта сьведчыць пра сур’ёзны ўплыў краіны-агрэсара. Праз Інтэрнэт расейскія сацыяльныя сеткі ўплываюць на нашых дзяцей, фармуючы іх моўныя звычкі», — адзначыў Сяргей Сіраценка, камэнтуючы вынікі дасьледаваньня.
У інтэрвію РБК-Украіна у верасьні 2025 году Ўпаўнаважаная па абароне дзяржаўнай мовы Алена Іваноўская заявіла, што частка грамадзтва паступова вяртаецца да расейскай мовы, і гэта, на яе думку, небясьпечная тэндэнцыя.
Згодна з апытаньнем Фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы імя Ілька Кучарыва» разам з сацыялягічнай службай Цэнтру Разумкова, апублікаваным у студзені, 78% рэспандэнтаў назвалі ўкраінскую мову роднай, у параўнаньні з 60% дзесяць гадоў таму. Доля тых, хто назваў роднай мовай расейскую, складае 6% — дзесяць гадоў таму яна была значна вышэйшая, 15%.
Апытаньне праводзілася з 29 лістапада па 14 сьнежня 2024 году сярод 1518 рэспандэнтаў, якія пражываюць на тэрыторыях, што знаходзяцца пад кантролем ураду Ўкраіны і дзе не вядзецца баявых дзеяньняў.
Форум