Сьцісла
- Магчыма, Менск і Варшава нарэшце дасягнулі папярэдняй дамоўленасьці пра вызваленьне Анджэя Пачобута
- Менск хоча, каб Эўропа пайшла ў фарватэры амэрыканскага прэзыдэнта.
- Лукашэнку ня вельмі ўтульна ў адным акопе з Пуціным.
- Літва дзейнічае трошкі непрадумана, не ўлічваючы адмоўнага досьведу Польшчы.
На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі.
«Экспэрымэнт з закрыцьцём мяжы ня вельмі ўдалы для польскага боку»
— Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск даволі сэнсацыйна заявіў, Варшава гатова адкрыць у лістападзе яшчэ два пераходы на мяжы зь Беларусьсю. Пры тым, што яшчэ зусім нядаўна, падчас вучэньняў «Захад-2025», Варшава ажыцьцявіла поўнае закрыцьцё мяжы на пэўны час. У якасьці аргумэнту Туск заявіў, што мяжа ахоўваецца надзейна, як ніколі раней. Ці гэты аргумэнт вам падаецца галоўным, ці можа вы тут бачыце іншыя матывы і намеры?
— Гэты аргумэнт выглядае не надта пераканаўчым, бо галоўная ж праблема — нелегальная міграцыя. Сапраўды, польскія ўлады адбудавалі даволі моцную сьцяну, узмацнілі адпаведныя памежныя аддзелы, падцягнулі нават войскі да мяжы.
Але што тычыцца менавіта пунктаў пропуску, то нерэгулярныя мігранты ж туды не ідуць і не паказваюць пашпарты. Яны якраз лезуць праз сьцяну, якую пабудавала Польшча. Таму думаю, гэта заява Туска — для ўнутранага карыстаньня, даніна заклапочанасьці палякаў сваёй бясьпекай.
Можна адзначыць, што Туск выступаў у Беластоку, побач зь беларускай мяжой — і там асабліва востра ўспрымаюцца ўсе выдаткі ад цяперашняга хай і ня поўнага, закрыцьця мяжы. Бо цярпіць тамтэйшы бізнэс, церпіць насельніцтва, якое шмат у чым жыло за кошт абслугоўваньня транзытных патокаў, турыстаў. Прыдарожныя рэстарацыі, крамы некалі квітнелі, а цяпер у заняпадзе. Таму, відавочна, што на польскі ўрад цісьне й грамадзкая думка палякаў.
Ну і плюс экспэрымэнт з закрыцьцём мяжы — я б яго не назваў вельмі ўдалым для польскага боку. У піяраўскім сэнсе Лукашэнка тут атрымаў перамогу, бо Варшава не дамаглася таго, чаго яна дамагалася. Бо ня толькі пра манэўры «Захад-2025» у гэтым кантэксьце гаварылася, а па сутнасьці Менску вылучаўся вялікі букет прэтэнзіяў, пачынаючы ад таго, што сядзіць у турме Анджэй Пачобут, заканчваючы тым самым міграцыйным крызісам.
Закрыцьцё мяжы было спробай прымусіць Менск пайсьці на саступкі ў цэлым шэрагу пытаньняў. Але Лукашэнка дасюль не пайшоў ні на якія саступкі. І нават наадварот — статыстыка паказвае, што атакі нелегаламі на польскую мяжу ўзмацніліся апошнімі тыднямі (Падлікі Свабоды паказваюць адваротную тэндэнцыю. — РС). Плюс, магчыма, недзе за кулісамі і кітайскі міністар замежных справаў, які прылятаў у Варшаву, таксама, так бы мовіць, параіў усё ж нейкімі мякчэйшымі шляхамі шукаць паразуменьне з афіцыйным Менскам.
Заўважце, Туск сказаў, што ў прыватнасьці будзе адкрыты пераход «Баброўнікі» — той самы, які закрылі пасьля жорсткага прысуду Пачобуту. Таму ў мяне ёсьць вэрсія, што, магчыма, бакі нарэшце дасягнулі нейкай папярэдняй дамоўленасьці пра вызваленьне Пачобута і ксяндза Гавэла, затрыманага нібыта за «шпіянаж». Гэта дзьве знакавыя фігуры, іх вызваліць для Варшавы надзвычай важна. І можа, Менск якраз і вылучыў умову, што адкрыйце пераходы, каб нам з захаваньнем твару можна было выпусьціць гэтых людзей.
Для Лукашэнкі цяпер выгадны момант, каб выпусьціць таго ж Пачобута — бо ён можа сказаць, што гэта не палякі мяне прымусілі, а проста я выконваю «вялікую угоду» з Трампам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тонкая наладка»: як Лукашэнка кіруе міграцыйным крызісам. Дасьледаваньне Свабоды«Лукашэнка хоча на хвалі „сяброўства з Трампам“ выскачыць зь ізаляцыі»
— Пра «вялікую ўгоду» Лукашэнка 28 кастрычніка зноў узгадаў на Трэцяй Менскай міжнароднай канфэрэнцыі па эўразійскай бясьпецы. Але разам з тым заявіў, што Беларусь ня будзе абараняць Эўропу ад мігрантаў, пакуль ёсьць санкцыі, якія «пятля на шыі беларускага народа».
— Так, але ня ўсё так адназначна. У Лукашэнкі была на гэтым форуме вялікая прамова, і яе варта разглядаць у комплексе. З аднаго боку, ён традыцыйна патаптаўся па Эўропе, абвінаваціў яе ва ўсіх сьмяротных грахах. Ну, гэта яго фірмавая манэра перакладаць з хворай галавы на здаровую.
Маўляў, Эўропа мілітарызуецца, рыхтуецца да вайны, бюджэты вайсковыя падвышаюцца. Гэта праўда. Эўропа сапраўды рыхтуецца да вайны. Але чаму? Таму што напалоханыя агрэсіяй Расеі супраць Украіны, у якой Лукашэнка выступае суагрэсарам. Але ж гнаць хвалю супраць свайго, як ён кажа, «старэйшага брата» — Расеі — Лукашэнка ня можа, таму ва ўсім вінаваціць Эўропу.
Але потым у гэтым жа кантэксьце ў яго прагучала прапанова таго, што давайце разам вырашаць міграцыйны крызіс у кантэксьце «глябальнай угоды». Раней Лукашэнка казаў, што гатовы да вялікай угоды з Трампам. Сэнс яе больш-менш зразумелы — абмен палітычных закладнікаў на аслабленьне тых ці іншых амэрыканскіх санкцыяў.
Цяпер Лукашэнка заявіў, што трэба дзейнічаць па формуле Трампа «ўсё на ўсё». Я гэта расшыфроўваю так, што Лукашэнка хоча, каб Эўропа пайшла ў фарватэры амэрыканскага прэзыдэнта. Ці сама натхніцца ягоным прыкладам, ці «сябар Дональд» націсьне на нейкія вагары — каб тыя таксама перайшлі на рэйкі прагматычнага торгу.
Пры гэтым Лукашэнка ня хоча рабіць сыстэмных саступак. І ў прамове ён зноў казаў, што ў нас свая цывілізацыя, свае духоўныя каштоўнасьці, свой узровень разьвіцьця грамадзтва і вы нас у гэтым пляне не чапайце. То бок, калі без эківокаў, «не чапайце маю дыктатуру».
А наконт міграцыйнага крызісу, іншых праблем, ад якіх у вас баліць галава, і якія Лукашэнка з Пуціным разам і ствараюць Эўропе — давайце дамаўляцца ў духу «рэал палітык». Цяпер можна чакаць, што Менск будзе разьвіваць ідэю глябальнай угоды.
Лукашэнка хоча на хвалі цяперашняга нібыта «сяброўства з Трампам» выскачыць зь ізаляцыі і прабіць эўрапейскую блякаду. З аднаго боку, Лукашэнка спадзяецца на Вашынгтон, які як ледакол ідзе ў пытаньні разблякаваньня стасункаў, а зь іншага боку — прышпорвае сваіх дыпляматаў, каб яны прабівалі эўрапейскі калідор самастойна.
І ня выключана, што ў галаве ў Лукашэнкі ўжо вымалёўваецца трэці візыт у Ватыкан, таму што, як вядома, ён ужо двойчы бываў у гасьцях у пантыфікаў. Ватыкан не ўваходзіць у Эўразьвяз, не прымае санкцыі і ўвогуле Папа паводле сваёй місіі мусіць прымаць любых грэшнікаў — то для Лукашэнкі гэта вельмі зручны варыянт, каб прабіць блякаду на эўрапейскім кірунку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасланьнік папы Рымскага расказаў Лукашэнку пра важнасьць дыялёгу— Разам з тым многія экспэрты ня бачаць на сёньня падставаў (пакуль ідзе вайна ва Ўкраіне) для «вялікай угоды», да рэальнага паляпшэньня адносінаў паміж Менскам і Эўропай. З улікам таго, што Лукашэнка не зьбіраецца мяняць палітычны лад, праводзіць свабодныя выбары, не спыняе падтрымку Расеі ў вайне, і нават не аслабляе рэпрэсіі ўнутры краіны. Ці ёсьць тады шанцы на нейкую вялікую дамову Менску з Захадам?
— Сапраўды, Эўропа пакуль што (ва ўсякім разе на рытарычным узроўні) дэкляруе цьвёрдасьць і непахіснасьць. Зрэшты, ня толькі на рытарычным, бо нядаўна быў прыняты 19-ы пакет санкцыяў, які зачапіў і некалькі беларускіх банкаў і прадпрыемстваў.
Але разам з тым заходняя прэса паведамляе, што ў Брусэлі ідуць дыскусіі пра тое, наколькі эфэктыўны цяперашні падыход. Некаторыя кажуць, што за пяць гадоў санкцыі нічога не далі, а толькі яшчэ болей Менск зблізіўся з Масквой. Наколькі я ведаю, эўрапейскія дыпляматы праявілі цікавасьць да нядаўняй працы групы беларускіх аналітыкаў пра абмежаваную дээскаляцыю стасункаў паміж Эўразьвязам і афіцыйным Менскам.
Вядома, гэта не азначае, што ўжо заўтра возьмуць гэты дакумэнт як кіраўніцтва да дзеяньня. Але факт, што пэўныя сумневы й роздумы на гэты конт і ў Брусэлі, і ў іншых эўрапейскіх сталіцах прысутнічаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусі і Эўразьвязу патрэбнае палітычнае „спыненьне агню“» — эканаміст Зьміцер КрукАднак трэба разглядаць праблему ў шырэйшым кантэксьце. Канешне, яна завязана найперш на вынік вайны ва Ўкраіне. На якіх умовах будзе замірэньне, наколькі Трамп будзе адстойваць інтарэсы Ўкраіны, ці не пераможа ў ім спакуса выкруціць рукі Зяленскаму, бо гэта, магчыма, для Трампа зручней, лягчэй, чым пераламаць волю Пуціна.
Факт, што Менск робіць усё большыя намаганьні, і гэта ўскосна сьведчыць, што ня вельмі ўтульна Лукашэнку ў гэтым адным акопе з Пуціным, хоць ён і клянецца яму ў вернасьці. Але відавочна, што ён бы з задавальненьнем зноў апрануў на сябе тогу міратворца. Яму хочацца вярнуцца ў тыя часы, калі ў Менску праходзіць знакаміты саміт нармандзкай чацьвёркі.
«Рад быў у рай, але грахі не пускаюць». Таму што гэтыя дзьве адсечкі — разгром пратэстаў у 2020 годзе і суўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны — перакрэсьлілі ўсе ранейшыя рэпутацыйныя балы. І цяпер яму гэты бар’ер нерукапаціскальнасьці вельмі цяжка будзе перасягнуць.
«Літва дзейнічае авантурна, не ўлічваючы адмоўнага досьведу Польшчы»
— На тле заявы Польшчы пра намер адкрыць мяжу зь Беларусьсю Літва закрывае беларуска-літоўскую мяжу з прычыны кантрабанды цыгарэт. Што гэта? Жаданьне праявіць цьвёрдасьць, пакараць афіцыйны Менск?
— Літва, відавочна, рэагуе асымэтрычным чынам. Адзіны мэтад, адзіная, на іх погляд, эфэктыўная зброя — закрыць мяжу. Але я не ўпэўнены, што гэта вельмі прадуманы і найлепшы варыянт супрацьдзеяньня. Па-першае, гэта б’е па інтарэсах простых людзей, кіроўцаў грузавікоў, па інтарэсах і літоўскага бізнэсу — транспартнікаў і іншых некаторых катэгорый.
У дэмакратычных краінах трываць такую ўзаемную шкоду больш складана — мэдыя і апазыцыя ўздымаюць гэтую тэму. У выпадку Лукашэнкі ніхто на вуліцы пратэставаць ня выйдзе, апазыцыі ў парлямэнце няма, таму ён можа трываць даволі доўга, у гэтыя глядзелкі, так бы мовіць, гуляць. І ня факт, што Літва вытрымае, бо ў яе ёсьць пэўныя абавязкі і перад Эўразьвязам у пляне лягістыкі, транспартных зносін.
Акрамя таго, мяркую, што ў гэтай сытуацыі ёсьць пэўная гіпэрбалізацыя пагроз. Так, канешне, нелегальны продаж сыгарэт у Літве — гэта эканамічная шкода. Віленскі аэрапорт закрываецца — таксама страты. Але ж на першым пляне ў іх меркаваньні нацыянальнай бясьпекі. Літоўцы кажуць, што Лукашэнка такім чынам вядзе гібрыдную вайну. І мне здаецца, што тут ужо ёсьць момант дэманізацыі.
Многія назіральнікі мяркуюць, што ў такой паліцэйскай дзяржаве, як Беларусь, такі бізнэс самастойна ня мог бы квітнець. Натуральна, што яго «крышуюць» нейкія важныя структуры. Прэзыдэнт Наўседа наўпрост заявіў, што за гэтым бізнэсам стаіць КДБ. Але думаць, што гэта нейкая асэнсаваная гібрыдная вайна, ды яшчэ кіраваная з Масквы — напэўна, гэта перабольшаньне.
Усё гэта стварае комплекс няўпэўненасьці на мяжы з панікай. Гэтыя настроі ў грамадзтве, на якіх спэкулюе частка палітыкаў, мясцовых ястрабаў. Таму, мне здаецца, у гэтым выпадку Літва дзейнічае трошкі непрадумана, можа нават авантурна, не ўлічваючы адмоўнага досьведу Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 545 шароў з кантрабандай і 50 дронаў за гэты год. Памежнікі Літвы расказалі Свабодзе, што прылятае да іх зь Беларусі