Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне адрэагавалі на раптоўную праверку войска ў Беларусі: вайсковай актыўнасьці на межах няма


На вучэньнях у Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
На вучэньнях у Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што пільна адсочваюць сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю, але вайсковай актыўнасьці пакуль не назіраюць.

«Нейкіх зьменаў каля нашай мяжы мы не фіксуем — ні перамяшчэньня тэхнікі, ні асабовага складу. Нейкай актыўнасьці падразьдзелаў арміі Беларусі ў кірунку мяжы з Украінай у цэлым не назіраецца. Але зноў жа — і падразьдзелы выведак, і памежныя атрады, якія ахоўваюць мяжу зь Беларусьсю — безупынна адсочваюць сытуацыю для таго, каб мы маглі своечасова адрэагаваць на любыя рызыкі, калі яны адбудуцца ў Беларусі», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў этэры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

Паводле яго, абвяшчэньне раптоўнай праверкі войскаў з прывядзеньнем у найвышэйшую ступень баявой гатоўнасьці — чарговы прыклад нагнятаньня сытуацыі.

«Мы памятаем, што нядаўна адбыліся супольныя вучэньні з Расеяй. [...] Але, нягледзячы на нагнятаньне, нягледзячы на тое, што Беларусь працягвае падтрымліваць Расею, мусім цьвяроза ацэньваць сытуацыю. Таму гэты кірунак для нас пагрозьлівы. Мусім нарошчваць нашы вайсковыя магчымасьці, каб украінскія вайскоўцы маглі процідзейнічаць усякай пагрозе, калі яна будзе ісьці зь Беларусі», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.

На загад Аляксандра Лукашэнкі з 6 кастрычніка ў Беларусі праходзіць маштабная раптоўная праверка Ўзброеных сілаў з прывядзеньнем у «найвышэйшыя» ступені баявой гатоўнасьці.

12 кастрычніка дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч паведаміў, што пачаўся другі этап гэтай праверкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG