Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ раскрыла схему вывазу ўкраінскіх змабілізаваных у Беларусь


Навучальны вайсковы цэнтар «Дзясна», Чарнігаўская вобласьць. Архіўнае фота
Навучальны вайсковы цэнтар «Дзясна», Чарнігаўская вобласьць. Архіўнае фота

Сьледчыя ўправы Службы бясьпекі Ўкраіны ў Чарнігаўскай вобласьці раскрылі арганізаваную групу, якая дапамагала змабілізаваным украінцам уцячы з навучальнага вайсковага цэнтру «Дзясна» і дабрацца да беларускай мяжы.

Як стала вядома Свабодзе з крыніц у праваахоўных органах, адпаведную крымінальную справу расьсьледуюць з траўня 2025 году паводле ч. 1 артыкулу 114-1 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — перашкода законнай дзейнасьці Ўзброеных сілаў у асаблівы пэрыяд. Фігурантам справы пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў.

Пасярэднікам выступаў мясцовы таксіст, зь якім вайскоўцы езьдзілі з навучальнага цэнтру ў бліжэйшыя крамы. У часе такіх паездак кіроўца прапаноўваў змабілізаваным дапамогу ў вывазе іх да мяжы зь Беларусьсю ў аб’езд блёк-пастоў. За паслугі ён прасіў 10 тысяч грыўняў (каля 240 даляраў ЗША). Вывозіў вайскоўцаў толькі з цэнтру, а потым нібыта перадаваў іншаму вайскоўцу, які на аўтамабілі аднаго зь мясцовых дабрачынных фондаў абяцаў перавезьці «ўцекачоў» у сяло Няданчычы Чарнігаўскай вобласьці, дзе яны маглі перасекчы мяжу Беларусі на надзіманым матрацы цераз раку Дняпро.

У Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў ёсьць некалькі паведамленьняў аб затрыманьні мужчын прызыўнога ўзросту менавіта ў Няданчычах. Затрыманыя расказвалі, што зьбіраліся перасячы мяжу ў кірунку Беларусі па Дняпры на матрацы.

Але Свабода не змагла высьветліць, ці гэтыя выпадкі ёсьць эпізодамі справы аб падзеях у навучальным цэнтры «Дзясна», якую цяпер расьсьледуюць.

Ва Ўкраіне ў вышуку знаходзяцца прыблізна 1,5 мільёна мужчын прызыўнога ўзросту праз тое, што яны не абнавілі свае зьвесткі ў тэрытарыяльных цэнтрах камплектаваньня.

Ад студзеня 2022 па верасень 2025 году зарэгістравалі 235 646 крымінальных справаў за самавольнае пакіданьне вайсковай часткі, а 53 954 — за дэзэртырства.

Ад пачатку 2025 году ва Ўкраіне адкрылі 47 046 справаў аб парушэньні правілаў вайсковага ўліку — амаль столькі ж, колькі за ўвесь 2023 год.

Украінскія выданьні пэрыядычна інфармуюць аб тым, як украінскія рэкрутэры, імкнучыся павялічыць колькасьць жывой сілы на фронце па меры прасоўваньня расейскіх войскаў і росту заклапочанасьці што да будучай падтрымкі Захаду, праводзяць рэйды па канцэртах, клюбах і кавярнях, шукаючы людзей, якія, магчыма, ухіляюцца ад вайсковай службы.

Праз такія выпадкі ў 2024 годзе ва Ўкраіне адбылося некалькі выпадкаў падрыву ТЦК і нападаў на іх прадстаўнікоў. Улады Ўкраіны сьцьвярджалі, што гэта адбываецца пад куратарствам расейскіх спэцслужбаў, каб сарваць мабілізацыю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG