Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета да «замарозкі» разгляду заяў у Польшчы па міжнародную абарону зьвярнуліся 2 300 беларусаў


Акцыя беларусаў Варшавы. 2025 год
Акцыя беларусаў Варшавы. 2025 год

Управа па справах замежнікаў Польшчы апублікавала апэратыўную статыстыку па сытуацыі з наданьнем міжнароднай абароны для замежнікаў.

Як паведамляе польская Ўправа па справах замежнікаў, 2,3 тысячы беларусаў у пэрыяд са студзеня па верасень 2025 года папрасілі міжнародную абарону ў Польшчы. 1,3 тысячы чалавек ужо атрымалі станоўчыя рашэньні, 100 чалавек атрымалі адмовы.

Грамадзяне Ўкраіны застаюцца на першым месцы па колькасьці прашэньняў аб міжнароднай абароне — 6, 2 тысячы (1, 5 тысячы станоўчых рашэньняў і 1, 4 тысячы адмоваў). За імі ідуць грамадзяне Беларусі, потым — Расеі (500 чалавек), Афганістану і Таджыкістану — па 200 чалавек. Грамадзяне Расеі ня часта атрымліваюць міжнародную абарону ў Польшчы. Станоўчае рашэньне вынесьлі па 70 расейцам, 300 — атрымалі адмову.

«Падчас працэдуры разгляду прашэньня пра абарону «замежнікі могуць скарыстацца сацыяльнай дапамогай, гэта пражываньне, харчаваньне, мэдыцынскае абслугоўваньне, якая надаецца Ўправай, і адукацыйнымі мерапрыемствамі. У іх ёсьць выбар пражываньня ва ўстанове для замежнікаў або самастойнага пражываньня па-за цэнтрамі з фінансавай дапамогай, атрыманай ад Управы. Па стане на 30 верасьня 2025 года сацыяльнай дапамогай скарысталіся 6,7 тысячы замежнікаў, з іх 665 чалавек засталіся ў цэнтрах для замежнікаў», — паведамляе Ўправа.

У 2024 годзе 2600 беларусаў атрымалі ў Польшчы міжнародную абарону, колькасьць пададзеных заяў тады склала 3900, у 2023 годзе беларусы падалі 3700 заяў, а абарону атрымалі 2900 чалавек.

Польшча часова «замарозіла» тэрміны разгляду справаў аб міжнароднай абароне

Ад 4 верасьня 2025 году ўступілі ў сілу зьмены ў законе ад 12 сакавіка 2022 году «Аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам на тэрыторыі гэтай дзяржавы».

Яны тычыцца ўсіх іншаземцаў, якія просяць міжнароднай абароны ў Польшчы, у тым ліку і беларусаў.

Гэта азначае, што ўсе заявы, якія цяпер разглядае Ўправа ў справах іншаземцаў, будуць «замарожаныя» да сакавіка 2026 году.

Што такое міжнародная абарона

Міжнародная абарона ў Польшчы — гэта адмысловы статус для іншаземцаў, якія ня могуць вярнуцца ў сваю краіну праз пагрозу перасьледу, катаваньняў, праз пагрозы жыцьцю і свабодзе. Ёсьць дзьве формы абароны: статус уцекача (з выданьнем так званага «жэнэўскага пашпарту») і статус дадатковай абароны — выданьне дазволу на жыхарства тэрмінам на 2 гады, потым яго можна абмяняць на новы.

Беларусы масава пачалі зьвяртацца па міжнародную абарону пасьля падзеяў 2020 году. Працэдура наступная: спачатку трэба адзначыцца ў памежнай службе, паведаміць, якім чынам перасёк мяжу, а потым падаць ва Ўправу ў справах іншаземцаў дакумэнты і сьведчаньні аб перасьледзе на радзіме (пратаколы затрыманьняў, судовыя рашэньні, копіі прысудаў, даведкі аб вызваленьні, публікацыі ў мэдыя ды іншае).

Усяго за 2021–2025 гады грамадзянам Беларусі выдалі 11 177 рашэньняў, у тым ліку 10 617 станоўчых (873 беларусы атрымалі статус уцекача, 9 744 — дадатковую абарону).

У часе разгляду дакумэнтаў да атрыманьня рашэньня і плястыкавай карткі дазволу на жыхарства чалавек ня мае права працаваць. Да таго ж беларускі пашпарт здаюць ва Ўправу ў справах іншаземцаў , замест яго выдаюць папяровае часовае пасьведчаньне тэрмінам на 90 дзён.

Ад 2024 году тэрмін разгляду дакумэнтаў на міжнародную абарону ў Польшчы істотна вырас. У 2020–2023 гадах ад моманту падачы дакумэнтаў да атрыманьня карткі праходзіла ад 3 да 6 месяцаў, калі выпадак ня вельмі складаны. Летась празь вялікі наплыў заявак тэрмін разгляду дакумэнтаў вырас да 1,5–2 гадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG