Тром жанчынам прысудзілі калёнію за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні»
Марыну Петражыцкую, Анастасію Сікірыцкую і Анастасію Гарчакову абвінавацілі ў стварэньні закрытага дваровага чату і прысудзілі па два гады калёніі, піша «Наша Ніва».
Раней паведамлялі, што экс-завучу Марыне Петражыцкай прысудзілі штраф у 800 базавых (на момант суду 33 600 рублёў). Яе затрымалі ў 2024 годзе ў справе «дваровых чатаў».
Анастасіі Гарчаковай 43 гады, жыве ў Менску, мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Анастасія Сікірыцкая таксама зь Менску, ёй 44 гады, выхоўвае дваіх дзяцей.
«Вясьне» вядома пра больш за дзясятак асуджаных у заведзенай летась справе ўдзельнікаў закрытых дваровых чатаў. Усім прысудзілі пазбаўленьне волі і буйныя штрафы.
Днямі ў такой жа справе асудзілі 5 жыхароў Наваградку.
Вырак агучылі групе палітзьняволеных: Тацяне Палубок, Вользе Аляшкевіч, Ігару Хіневічу, а таксама мужу і жонцы Аляксандру і Ірыне Лебедзям. Як паведамляе «Вясна», іх прызналі вінаватымі паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») і прызначылі па 2,5 года зьняволеньня, а таксама штрафы ў 800 базавых велічыняў (33 600 рублёў).