Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Альжыр хочуць павялічыць узаемны таваразварот. У 2021 годзе ён ледзь перавысіў 1 млн даляраў


Сьцяг Альжыру
Сьцяг Альжыру

Пра патрэбу павялічыць узаемны таваразварот было заяўлена 23 кастрычніка на сустрэчы міністра сельскай гаспадаркі, разьвіцьця сельскіх тэрыторыяў і рыбацтва Альжыру Ясіна Мэхдзі Валіда і міністра замежных справаў Беларусі Максіма Рыжанкова, які наведвае гэтую краіну ў Паўночнай Афрыцы.

Паводле інфармацыі беларускага замежнапалітычнага ведамства, альжырскі чыноўнік, які таксама працуе сустаршынём двухбаковай міжурадавай камісіі гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхнічнай супрацы, выказаў цікавасьць да паставак зь Беларусі дзіцячага харчаваньня і росту паставак сухога малака, мясной прадукцыі з халяльным сэртыфікатам.

Бакі дамовіліся падпісаць пагадненьне міжурадавае пагадненьне ў галіне вэтэрынарыі і мэмарандум аб супрацы ў сельскай гаспадарцы, піша Позірк.

Паводле Максіма Рыжанкова, Беларусь як «буйны вытворца сельгастэхнікі», краіна з «шырокімі кампэтэнцыямі і тэхналёгіямі ў сфэры сельскай гаспадаркі» гатовая «зрабіць унёсак у гарантаваньне харчовай бясьпекі Альжыру».

«У гэтым кантэксьце бакі абмеркавалі патрэбу мэханізацыі сельскай гаспадаркі ў рамках маштабнага праекту асваеньня новых зямель у пустэльні плошчай да 1 млн га, які рэалізуе альжырскі бок, — гаворыцца ў паведамленьні. — Альжырскі бок таксама праявіў зацікаўленасьць працягваць працу над праектамі сыстэмаў захоўваньня збожжа».

У выніку сустрэчаў бакі дамовіліся, што 3 лістапада прадстаўнікі МТЗ, МАЗ, прадпрыемстваў «Бабруйскаграмаш» і «Амкадор» наведаюць Альжыр для «практычнай дэталізацыі кірункаў далейшага ўзаемадзеяньня ў галіне паставак беларускае тэхнікі», а таксама «ўмоваў для стварэньня» на тэрыторыі Альжыру «супольных вытворчасьцяў трактароў і камунальнай тэхнікі, навяснога абсталяваньня і сэрвісных цэнтраў».

Дыпляматычныя стасункі паміж Беларусьсю і Альжырам завязаныя 24 кастрычніка 1995 году. Але яны ніколі не былі надта актыўнымі.

Паводле зьвестак на сайце МЗС, таваразварот паміж краінамі ў 2021 годзе склаў 1,01 млн даляраў, прычым уся сума прыпала на беларускі экспарт. У асноўным Менск пастаўляў калійныя ўгнаеньні, тэкстыльныя матэрыялы, пакрытыя плястмасамі або з утрыманьнем плястмасаў, газэтную паперу і канцылярскія вырабы. У наступныя гады беларускі МЗС нічога пра аб’ёмы ўзаемнага гандлю з паўночнаафрыканскай дзяржавай не пісаў.

На перамовах альжырскаму боку перадалі «бачаньне» далейшых двухбаковых дачыненьняў дзяржаваў Аляксандра Лукашэнкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG