Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцыяльны пасланьнік папы Рымскага бярэ ўдзел ва ўрачыстасьцях да 100-годзьдзя Пінскай дыяцэзіі


Спэцыяльны пасланьнік папы Рымскага Лява XIV кардынал Кляўдыё Гуджэроцьці ў Пінску на сьвяткаваньні 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі
Спэцыяльны пасланьнік папы Рымскага Лява XIV кардынал Кляўдыё Гуджэроцьці ў Пінску на сьвяткаваньні 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі

Спэцыяльны пасланьнік папы Рымскага Лява XIV — прэфэкт Дыкастэрыі ў справах Усходніх цэркваў у Ватыкане кардынал Кляўдыё Гуджэроцьці прыбыў у Пінск на ўрачыстасьці сьвяткаваньня 100-годзьдзя Пінскай дыяцэзіі, перадае БелТА.

Пінск і Берасьце сталі цэнтрамі ўрачыстасьцяў у гонар 100-годзьдзя Пінскай дыяцэзіі

Юбілейныя захады сёньня праходзяць у Пінску. Пачаліся яны ў катэдральным касьцёле Унебаўшэсця Найсьвяцейшай Панны Марыі з малітвы прыхаджан нябеснаму заступніку Пінскай дыяцэзіі сьвятому Андрэю Баболю і ўнясеньня рэлікварыю з часьцінкай яго мошчаў. Падчас імшы кардынал Кляўдыё Гуджэроцьці ўзначаліць літургію.

Урачыстасьці працягнуцца 26 кастрычніка ў Берасьці.

Пінская дыяцэзія была заснаваная 25 кастрычніка 1925 году. Цяпер гэта адна з чатырох каталіцкіх акругаў у Беларусі, яна ахоплівае тэрыторыю Берасьцкай і Гомельскай вобласьцяў.

26 кастрычніка пасланьнік папы Рымскага сустрэнецца з моладзьдзю ў берасьцейскім касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа і правядзе там імшу. Пасьля гэтага там пройдуць пачастунак, майстар-клясы для моладзі, музычнае праслаўленьне і падвядзеньне вынікаў Юбілейнай сустрэчы моладзі.

Гэта першы раз, калі пасланец папы наведвае Беларусь у тытуле кардынала. Гуджэроцьці добра вядомы беларусам, у тым ліку каталікам. Ён чатыры гады (2011–2015) быў у Беларусі нунцыем — дыпляматычным прадстаўніком папы. Пасьля ён прыяжджаў у краіну як пасланьнік папы ў сьнежні 2020 году і ўлетку 2023 году — на Будслаўскі фэст.

Апошні раз наведваў Беларусь такі высокі (і нават вышэйшы) госьць з Ватыкану дзесяць гадоў таму. Гэта быў дзяржаўны сакратар Ватыкану пры тады яшчэ папу Францішку П’етра Паралін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG