Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўводзяць праязныя дакумэнты для іншаземцаў


Грамадзяне Беларусі ваююць на баку Ўкраіны і займаюцца іншай дапамогай у вайне супраць Расеі. Ілюстрацыйнае фота
Грамадзяне Беларусі ваююць на баку Ўкраіны і займаюцца іншай дапамогай у вайне супраць Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў і накіраваў на разгляд у Вярхоўную Раду праект закону аб шэрагу зьменаў у рэгуляцыі праўнага статусу іншаземцаў і асобаў без грамадзянства.

Як паведаміў прадстаўнік Кабінэту міністраў Украіны ў парлямэнце Тарас Мельнічук, зьмены датычацца іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія бяруць удзел у абароне тэрытарыяльнай цэласнасьці і недатыкальнасьці Ўкраіны.

Сярод навацыяў — павелічэньне з трох да шасьці месяцаў тэрміну законнага жыхарства іншаземцаў ва Ўкраіне пасьля заканчэньня кантракту.

Апроч таго, пры выдачы дазволу на іміграцыю ў тэрмін бесьперапыннага жыхарства на тэрыторыі Ўкраіны на падставе часовага дазволу будуць залічваць і пэрыяд вайсковай службы паводле кантракту.

Пры гэтым дзяржаўныя органы Ўкраіны вызначаць квоту іміграцыі адмыслова для групы іншаземцаў, якія бралі ўдзел у абароне краіны, дапамагалі ў іншых сфэрах ці былі ў палоне.

Праект закону таксама прадугледжвае, што пасьведчаньне ўдзельніка баявых дзеяньняў і пасьведчаньне аб інваліднасьці ў выніку вайны будуць падставай для дазволу на часовае жыхарства ва Ўкраіне.

У законапраекце таксама прапануюць увесьці «пасьведчаньне іншаземца для выезду за мяжу». Аднак Тарас Мельнічук не ўдакладніў працэдуру яго атрыманьня. Праект ужо зарэгістраваны ў Вярхоўнай Радзе, але тэкст пакуль не апублікаваны.

Беларусы ўдзельнічаюць у абароне Ўкраіны на падставе кантрактаў з Узброенымі сіламі Ўкраіны. У некаторых зь іх скончылася дзеяньне нацыянальных пашпартоў, іншыя ўвогуле іх страцілі ў выніку баявых дзеяньняў. Апроч таго, ёсьць іншаземцы, якія атрымалі раненьні і ня могуць легалізавацца ва Ўкраіне, або няправільна падпісаныя кантракты з войскам.

Апроч таго, у грамадзян Беларусі, якія часова жывуць ва Ўкраіне і займаюцца валянтэрскай дзейнасьцю, таксама ёсьць праблемы пры легалізацыі, бо тэрміны іхных пашпартоў закончыліся.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG