Мянчанку асудзілі паводле палітычных артыкулаў і назвалі «тэрарысткай»
У Менскім гарадзкім судзе паводле трох палітычных артыкулаў асудзілі мянчанку Юлію Зароўскую.
Жанчыне інкрымінавалі «распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу), «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «ўваходжаньне ў склад экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 3 арт. 361‑1 КК). Зароўскай пагражала да шасьці гадоў калёніі. Як высьветлілі праваабаронцы «Вясны», суд над жанчынай адбыўся восеньню, але вырак пакуль невядомы.
Праваабаронцы адзначаюць, што ў апошні тыдзень сілавікі дадалі імя жанчыны ў сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».
Юліі Зароўскай 58 гадоў, яна зь Менску, працавала лягістам у фірме. Вядома, што ў жанчыны ёсьць дзеці і ўнукі.
Журналісты «Нашай нівы» з сацсетак жанчыны робяць выснову, што яна падтрымала рух за свабодныя выбары ў 2020‑м і выступала за мір ва Украіне.
У сьпісе «тэрарыстаў» 1400 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бясьпекі (КДБ) Беларусі ўнёс у так званы сьпіс «тэрарыстаў» ужо 1400 чалавек, зь іх 658 — беларусы, асуджаныя паводле палітычных матываў, паведаміла «Вясна». Уключэньне ў такі сьпіс азначае поўнае блякаваньне банкаўскіх рахункаў, што не дае асуджанаму магчымасьці купляць прадукты, а ягоным сваякам ускладняе дапамогу. Юрыдычная служба «Вясны» зьмясьціла парады, што магчыма зрабіць у такіх выпадках.
70-гадовы былы палітвязень вымушана зьехаў зь Беларусі
Аляксандар Патапаў вымушана зьехаў зь Беларусі, яму цяпер патрэбная мэдычная дапамога.
70-гадовы былы палітвязень паходзіць зь вёскі Хатоля Віцебскага раёну, яго асудзілі на 2 гады калёніі за «абразу Лукашэнкі» ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники». Ад ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменьніца Аляксандра, а яе трохгадовая дачка атрымала сур’ёзныя раненьні. Пасьля гэтага Аляксандар разьмясьціў у сацыяльнай сетцы два камэнтары, якія экспэртыза палічыла «абразьлівымі».
Пэнсіянэр цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю, але працягваў сутыкацца зь перасьледам сілавікоў і мусіў зьехаць з Беларусі. Аляксандар Патапаў мае патрэбу ў дапамозе стаматоляга.
МУС дадало ў «сьпіс экстрэмістаў» яшчэ 26 прозьвішчаў — цяпер у ім 5942 чалавекі
Сярод іншых, у сьпіс дадалі гомельскага пастара Алега Лойку, а таксама пяць чалавек, якіх асудзілі паводле «народнага» арт. 342 КК, але вызвалілі ад адказнасьці «ў сувязі з выхадам тэрміну прыцягненьня», адзначыла «Вясна».
- Натальля Аўсеюшкіна, 35 гадоў
- Ігар Бахаўчук, 48 гадоў
- Аляксандар Будзейка, 34 гады
- Аляксандар Ваўчок, 48 гадоў
- Ірына Воранава, 63 гады
- Юлія Грыгорʼева, 54 гады
- Сяргей Даронін, 50 гадоў
- Іна Корбут, 31 год
- Уладзімер Кушнер, 50 гадоў
- Алег Лойка, 49 гадоў
- Мікалай Люцкевіч, 52 гады
- Андрэй Лясьняк, 38 гадоў
- Фёдар Марцінкевіч, 42 гады
- Ўладзімер Маханько, 46 гадоў
- Ганна Насека, 33 гады
- Ала Пратас, 36 гадоў
- Васіль Прохараў, 33 гады
- Дзьмітры Раманчук, 44 гады
- Алена Сафронава, 56 гадоў
- Вераніка Сьніцарэнка (Раманчук?), 33 гады
- Віктар Старжынскі, 37 гадоў
- Ганна Ўласенка, 43 гады
- Аляксей Французаў, 38 гадоў
- Ларыса Шаблоўская, 42 гады
- Тацьцяна Шупянко, 38 гадоў
- Іван Юрскі, 29 гадоў
У Менску з аўкцыёну прадалі кватэру былога сябра ByPol
Знайшлося сем ахвотных яе набыць, яны таргаваліся цэлы дзень, піша «Люстэрка».
У выніку аднапакаёўка ў Каменнай Горцы прадалася амаль за 230 тысяч — на траціну даражэй за пачатковую цану.
Уладальнікам кватэры быў Алег Мікалаевіч Талерчык. Гэта поўны цёзка экс-супрацоўніка Генпракуратуры і былога сябра ініцыятывы ByPol.
У лютым 2024 году яго завочна асудзілі на 12 гадоў зьняволеньня і штраф у 40 тысяч рублёў за «дзеяньні для захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
Талерчык пакінуў ByPol восеньню 2022 году.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Форум