Для часткі іх рыхтуюць пераезд цераз часова закрыты пункт пропуску Салечнікі (зь беларускага боку Беняконі).
Уладзіслаў Кандратовіч расказаў Žinių radijas аб прапанове адкрыць пункт пропуску Салечнікі дзеля вяртаньня літоўскіх машын.
«Улічваючы, што ў Беларусі затрымалася каля 5000 літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў, а Менск забараніў ім праезд праз тэрыторыю краіны, міністар унутраных справаў Уладзіслаў Кандратовіч заяўляе, што вядуцца работы, каб адкрыць для перавозьнікаў закрыты памежны пункт пропуску Салечнікі, дзе чакаюць каля 500 транспартных сродкаў», — піша літоўскае выданьне LRT.
Паводле міністра, плянуецца зьвязацца зь Беларусьсю ў гэтым пытаньні.
«Вялікая група знаходзіцца на пункце пропуску Салечнікі, зь беларускага боку гэта Беняконі. Мы лічым, што транспартныя сродкі могуць пачаць рух праз гэты пункт пропуску, бо яны ня могуць нікуды больш паехаць. Там ёсьць і кіроўцы, і прычэпы», — сказаў Кандратовіч 6 лістапада.
Паводле Кандратовіча, чакаецца дамоўленасьць з Беларусьсю аб пропуску транспартных сродкаў, якія знаходзяцца ў «нэўтральнай зоне» каля памежнага пункту Салечнікі.
«На тэхнічным узроўні мы, хутчэй за ўсё, дашлем паведамленьне праз нашых памежных агентаў, што Салечнікі можна выкарыстаць менавіта для гэтага транспарту. Паглядзім, як адрэагуе Беларусь», — дадаў ён.
Пасьля масавых прылётаў зь Беларусі балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі літоўскі ўрад закрыў два пункты пропуску на мяжы з Беларусьсю. У выніку зьявіліся доўгія чэргі легкавікоў і аўтобусаў на выезьдзе зь Беларусі ў Польшчу.
Грузавыя транспартныя сродкі, якія выяжджалі ў Эўразьвяз празь беларуска-літоўскую мяжу, таксама пераарыентаваліся на польскі і латвійскі кірункі.
Улады Беларусі накіравалі літоўскія грузавікі толькі на беларуска-літоўскі ўчастак мяжы, пасьля гэтага, як паведамляе мытны камітэт Беларусі, колькасьць аўтамабіляў, якія чакаюць выезду ў Польшчу і Латвію, вярнулася да стабільных для цяперашняга часу лічбаў.
31 кастрычніка ўрад Беларусі пастанавіў забараніць праезд літоўскім фурам цераз пункты пропуску іншых краін.
Што папярэднічала
Літва закрыла мяжу 27 кастрычніка пасьля масавых запускаў з тэрыторыі Беларусі паветраных балёнаў нібыта з кантрабандай.
У той жа дзень Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікала часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса, каб уручыць ноту пратэсту «ў сувязі з чарговым аднабаковым закрыцьцём мяжы з боку Літоўскай Рэспублікі, ажыцьцёўленым безь якога-небудзь папярэдняга паведамленьня».
Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы двойчы спыняла дзейнасьць сваіх пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы.
Перад тым Літва перадала на адрас Менску ноту пратэсту ў сувязі з частымі і рэгулярнымі парушэньнямі літоўскай паветранай прасторы.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 28 кастрычніка заявіў, што прылёт аэрастатаў, выяўленых на тэрыторыі краіны, — гэта «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў Літве».
Згодна з інфармацыяй Генэральнай пракуратуры Літвы, ад студзеня да верасьня ў Літве зафіксавалі больш за 500 выпадкаў перамяшчэньня кантрабандных цыгарэт паветранымі балёнамі. 12 справаў суды ўжо разгледзелі, чатыры ў працэсу разгляду. 18 чалавек прызналі вінаватымі, агульная сума спагнаных зь іх штрафаў перавышае 111 тысяч эўра.
Генэральная пракурорка Ніда Грунскене асобна зьвярнула ўвагу на тое, што ў Крымінальным кодэксе Літвы няма тэрміну «гібрыдная вайна», але, нягледзячы на гэта, правяраюцца розныя вэрсіі, каб даказаць, што перамяшчэньне кантрабанды ў Літву — «арганізаваная дзейнасьць».