Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заснаваў Дзень моваў народаў Расеі. Экспэрты кажуць пра палітыку лінгвацыду ў РФ


Уладзімір Пуцін, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін, архіўнае фота

Тым часам, паводле апошніх перапісаў насельніцтва, амаль усе мовы народаў Расеі страчваюць масу носьбітаў, нават калі адпаведныя этнічныя групы колькасна растуць.

Уладзімір Пуцін заснаваў новае сьвята — Дзень моваў народаў Расеі, які будзе адзначацца 8 верасьня.

Пры гэтым Міністэрства адукацыі Расеі скараціла колькасьць гадзін выкладаньня гэтых самых родных моваў у школе. Згодна з новымі адукацыйнымі плянамі, з 1 верасьня 2025 году ў першай клясе расейскамоўных школаў у нацыянальных аўтаноміях прадметы «Родная мова» і «Літаратурнае чытаньне на роднай мове» выкладаюцца ня два, а адзін раз на тыдзень, а ў школах з нерасейскай мовай навучаньня — дзьве гадзіны замест трох.

«Idel.Рэаліі» спыталі ў экспэртаў і нацыянальных актывістаў, як яны ўспрынялі гэтую навіну.

Што кажуць перапісы

Згодна з апошнімі перапісамі насельніцтва Расеі (2010–2020 гг.), колькасьць носьбітаў большасьці моваў народаў Расейскай Фэдэрацыі скарачаецца.

Нават татарская мова — адна з найбуйнейшых нацыянальных моваў краіны — працягвае траціць пазыцыі, што сьведчыць аб моўнай асыміляцыі прадстаўнікоў аднаго з самых шматлікіх нерасейскіх народаў Расеі. Паміж перапісамі 2002 і 2010 гадоў колькасьць татараў скарацілася на 4%, а колькасьць татарамоўных — на 20%. Гэтыя зьмены адбываліся нават тады, калі вывучэньне татарскай мовы было абавязковым для ўсіх школьнікаў у Татарстане.

З 2018 году ў выніку рэформы, якую правяла Масква, дзяржаўныя мовы аўтаномных рэспублік фактычна пераведзеныя ў статус факультатыўных прадметаў.

Падобныя тэндэнцыі назіраюцца і ў іншых народаў Паволжа: колькасьць носьбітаў башкірскай мовы скарацілася на 6% за той жа пэрыяд; паводле перапісу насельніцтва 2020 году, колькасьць чувашоў складае 1 мільён 67 тысяч чалавек, тады як чуваскаю моваю валодаюць толькі каля 700 тысяч; удмуртаў больш за 386 000, але толькі 255 000 валодаюць удмурцкай мовай; марыйцаў каля 424 000 чалавек, аднак толькі 259 000 валодаюць марыйскімі мовамі.

Сьвята ў дзень нараджэньня Расула Гамзатава

Адзін з суразмоўцаў «Idel.Рэаліі», які дасьледуе праблемы рэгіянальных моваў Расеі, адзначыў, што Расея ідзе і ў гэтым пытаньні сваім «асаблівым» шляхам .

«Зьвярнуў бы ўвагу на тое, што яны не далучаюцца да Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага), а прызначаюць свой асобны дзень, — заўважыў ён.

Паводле яго словаў, дата абраная таксама невыпадкова.

«Гэта дзень нараджэньня Расула Гамзатава, вельмі савецкага, прадзяржаўнага паэта, які, адрозна ад многіх іншых, не крытыкаваў і не казаў пра тое, як моўная палітыка прывяла да страты моваў», — падсумаваў дасьледнік.

Стратэгія лінгвацыду

Дасьледніца дэкалянізацыі буратаў, дацэнтка Ўнівэрсытэту Мантаны Марына Сайдукава лічыць, што разглядаць гэтае новае сьвята па-за кантэкстам шматгадовай «сыстэмнай палітыкі мэтанакіраванага зьнішчэньня моўнай разнастайнасьці азначае ігнараваць істоту таго, што адбываецца».

«Скарачэньне навучальных гадзін, забарона здаваць Адзіны дзяржаўны экзамэн на нацыянальных мовах, скасаваньне абавязковага вывучэньня дзяржаўных моваў рэспублік — усё гэта не «аптымізацыя», а добра прадуманая стратэгія лінгвацыду. Мы бачым не асобныя памылкі, а наўмыснае стварэньне адміністрацыйных бар’ераў, прызначаных для замацаваньня манаполіі расейскай мовы ўва ўсіх сфэрах жыцьця. Сыстэмнае выцісканьне нацыянальных моваў з адукацыі і афіцыйнага абарачэньня ставіць пад сумнеў само іх існаваньне ў будучыні. Функцыянальная значнасьць нерасейскіх моваў наўмысна зводзіцца да нуля, — кажа Сайдукава.

Прывілеяванае становішча расейскай мовы абмяркоўвалі і раней. Так, у студзені 2019 году Кансультацыйны камітэт Рамкавай канвэнцыі аб абароне нацыянальных меншасьцяў Рады Эўропы раскрытыкаваў Расею за яе нацыянальную палітыку. Экспэрты занепакоеныя «ростам дамінацыі расейскай мовы» адначасова з «бракам эфэктыўнага падтрыманьня моваў нацыянальных меншасьцяў».

У тым жа годзе Высокі камісар АБСЭ ў справах нацыянальных мяншыняў Лямбэрта Заньер заявіў у інтэрвію «Idel.Рэаліі», што, паводле ягонай інфармацыі, магчымасьці вывучэньня сваёй моўнай культуры ў татараў нават у самым Татарстане застаюцца даволі абмежаванымі, хоць татарская там мае статус дзяржаўнай мовы. Адзіны дзяржаўны экзамэн у рэспубліцы здаюць толькі па-расейску, па-татарску забаронена, нават калі школьнік вучыўся на гэтай мове.

Дзьве кнігі на эрзянскай мове за год

Галоўны старэйшына эрзянаў Сырэсь Боляень наракае на фармальны характар меры.

— Для «захаваньня і падтрыманьня моваў народаў Расейскай Фэдэрацыі» патрэбна вярнуць іх з факультатыўнай часткі вучэбнай праграмы ў абавязковую — у тым жа аб’ёме, што і расейскую мову. Плюс выкарыстаньне мовы ў паўсядзённым жыцьці, фільмы і кнігі на роднай мове... У школах Рэспублікі Мардовія эрзянская мова або зусім не вывучаецца, альбо вывучаецца як факультатыў: адзін урок на тыдзень, у рэдкіх выпадках — два ці тры, — адзначыў ён.

Зь яго словаў, у 2024 годзе ў Мардовіі на эрзянскай мове, дзяржаўнай мове рэспублікі, выйшла толькі дзьве кнігі.

— Але і гэтыя дзьве кнігі ўжо няма каму чытаць. Абсалютная большасьць дзяцей не гаворыць на эрзянскай мове і толькі нямногія разумеюць яе, — дадаў лідэр эрзянскага руху.

Галоўны старэйшына эрзян Сырэсь Боляень ня верыць у шчырасьць захадаў расейскага ўраду.

— Указ падпісаў цынічны і крывадушны чалавек, кроўна зацікаўлены ў зьнішчэньні гэтых самых «моваў народаў Расейскай Фэдэрацыі». Захаваньне і разьвіцьцё эрзянскай мовы магчымае толькі ў эрзянскай дзяржаве — Эрзянь Мастор, — падсумаваў ён.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG