Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсках на Гомельшчыне зносяць старыя хаты, а на іх месцы садзяць дрэвы


У вёсцы Асарэвічы Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці на месцы зьнесенага прыватнага будынку пасадзілі дрэвы. Фота газэты «Маяк Палесься»
У вёсцы Асарэвічы Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці на месцы зьнесенага прыватнага будынку пасадзілі дрэвы. Фота газэты «Маяк Палесься»

Пра новую практыку распавялі ў вёсцы Асарэвічы Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці, дзе сёлета адкрылі новую памежную заставу. Там на месцы зьнесенага прыватнага будынку пасадзілі дрэвы.

Як паведаміла мясцовае выданьне «Маяк Палесься», у акцыі ўдзельнічалі жыхары вёскі і старшыня Новаялчанскага сельсавета Сяргей Сарычаў.

Цяпер у Новаялчанскім сельсавеце, які аб’ядноўвае адзін аграгарадок і восем вёсак, усяго 738 жыхароў.

Удзельнікі акцыі ў Асарэвічах. Фота газэты «Маяк Палесься», 6 лістапада 2025
Удзельнікі акцыі ў Асарэвічах. Фота газэты «Маяк Палесься», 6 лістапада 2025

Як паведамляла раённае выданьне раней, для мясцовых уладаў знос «лядашчага і пустога жыльля» застаецца важным кірункам дзейнасьці. З 2008 году ў сельсавеце зьнесьлі 265 будынкаў, у тым ліку ў 2024 — 6, а з пачатку 2025-га — 4.

«Вызваленая зямля (агулам 28,8 гектараў) перадаецца грамадзянам для вядзеньня прыватнай падсобнай гаспадаркі, прыносячы і чысьціню, і карысьць», — адзначала выданьне.

Сёлета ў Беларусі паводле ініцыятывы Міністэрства лясной гаспадаркі праходзіць акцыя «Дай лесу новае жыцьцё!». Паводле інфармацыі ведамства, у ёй узялі ўдзел больш за 53,5 тысяч чалавек, якія пасадзілі 18 мільёнаў дрэў.

Сёлета ў верасьні ў гэтым раёне адкрылі новую памежную заставу «Асарэвічы». Памежнікі гэтай заставы ахоўваюць 37 кілямэтраў дзяржаўнай мяжы па фарватэры Дняпра ў межах Брагінскага раёну.

Дагэтуль памежнікі разьмяшчаліся на рэйдавай баржы і ў памяшканьнях модульнага тыпу. У новым комплексе стварылі ўмовы для жыцьця і нясеньня службы. Там ёсьць месцы для захоўваньня і рамонту тэхнікі, гадавальнік для службовых сабак, спартовыя аб’екты. У адзіным комплексе таксама пабудавалі жылы дом для сямей памежнікаў.

Памежная застава — асноўны падразьдзел памежных войскаў, які ўваходзіць у склад памежнага атраду або камэндатуры і выконвае задачы беспасярэдняй і бесьперапыннай аховы пэўнага ўчастку дзяржаўнай мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG