6 лістапада Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Аўстраліі Энтані Альбанэзэ ў ягонай канцылярыі ў Канбэры. Гэта першы выпадак, калі аўстралійскі прэм’ер прымае беларускага палітыка на такім узроўні.
Прэм’ер Аўстраліі ў сацсетцы Х выказаў поўную падтрымку беларускім дэмакратычным сілам і беларускаму народу.
У размове бакі абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі, вайну Расеі супраць Украіны, падтрымку для рэпрэсаваных беларусаў і санкцыйную палітыку. Сьвятлана Ціханоўская заклікала адрозьніваць рэжым ад беларусаў, Беларусь ад Расеі. Ціханоўская падзякавала прэм’еру і ўраду Аўстраліі за прынцыповую пазыцыю ў падтрымцы Ўкраіны і ўвагу да становішча ў Беларусі, паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.
Ціханоўская расказала аб праблемах беларускай дыяспары ў Аўстраліі, а таксама пра супольныя гістарычныя сувязі:
«Я падзякавала прэм’еру і аўстралійскаму народу за падтрымку Ўкраіны і Беларусі. Гэта была шчырая, цёплая размова: прэм’ер цікавіцца сытуацыяй у Беларусі, ва Ўкраіне і вельмі непакоіцца за лёс палітвязьняў. Я ўпэўненая, што гэтая сустрэча выведзе на новы ўзровень нашую супрацу з Аўстраліяй і дапаможа нам працаваць больш плённа ў нашым змаганьні за свабодную, незалежную і дэмакратычную Беларусь», — адзначыла Ціханоўская.
Аўстралія ўваходзіць у групу найбольшых эканомік сьвету G-20. Яе лідэры часта выказваюцца на тэму Беларусі, у тым ліку на ўзроўні ААН.
Сустрэча з кіраўніком парлямэнту
Затым Ціханоўская сустрэлася з старшынём Палаты прадстаўнікоў Аўстраліі Мілтанам Дыкам. Перамовы адбыліся ў будынку парлямэнту ў Канбэры. Сустрэчу прысьвяцілі разьвіцьцю сувязяў паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і аўстралійскімі парлямэнтарамі. Ціханоўская падзякавала Дыку за прынцыповую пазыцыю Аўстраліі ў падтрымцы Ўкраіны і дэмакратычных сілаў Беларусі, падкрэсьліўшы, што «Аўстралія — адзін з наймацнейшых галасоў за дэмакратыю і правы чалавека на міжнароднай арэне».
Ціханоўская заклікала Мілтана Дыка ўздымаць пытаньне беларускіх палітвязьняў і працягваць ціск на рэжымы Пуціна і Лукашэнкі, каб дамагчыся спыненьня вайны і рэпрэсіяў. Яна падкрэсьліла, што перамога Ўкраіны важная ня толькі для ўкраінскага народу, але і для беларусаў, як і для ўсёй Эўропы. Ціханоўская спадзяецца, што Аўстралія працягне падтрымку ўкраінскага народу, у тым ліку вайсковую, гуманітарную і дыпляматычную.
Таксама Ціханоўская зьвярнулася да Дыка з прапановай разгледзець магчымасьць прыёму і рэабілітацыі беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца ў шэрагах украінскага войска. Многія зь іх атрымалі цяжкія раненьні і цяпер маюць патрэбу ў мэдычнай дапамозе.
«Аўстралія ўжо мае праграму рэабілітацыі ўкраінскіх вайскоўцаў. Я веру, што Аўстралія зможа дапамагчы і нашым ваярам, якія змагаюцца „за вашу і нашу свабоду“», — адзначыла Ціханоўская.
Асноўнай тэмай сустрэчы стала прапанова Ціханоўскай аб стварэньні ў аўстралійскім парлямэнце адмысловай групы «За дэмакратычную Беларусь». Мілтан Дык выказаў падтрымку гэтай ініцыятыве, падкрэсьліўшы, што Аўстралія зацікаўленая разьвіцьцём сувязяў з дэмакратычнай Беларусьсю і гатовая спрыяць кантактам паміж дэпутатамі.
Падобныя групы ўжо дзейнічаюць у 23 краінах, у тым ліку ў Францыі, Нямеччыны, Польшчы, Італіі, Канадзе і ЗША. У кастрычніку ў Парыжы адбылася сустрэча Альянсу парлямэнцкіх групаў за дэмакратычную Беларусь, якую правёў старшыня францускага парлямэнту, а перад гэтым — аналягічная сустрэча ў Рыме.
Форум