«Калі гэтая зьмена формы перашкаджае дзейнасьці, трэба пра гэта казаць... Аднак гэтае пытаньне не зьвязанае са зьнешняй палітыкай Літвы», — цытуе кіраўніка літоўскай дыпляматыі партал навінаў Delfi.
Такім чынам Будрыс адрэагаваў на навіну пра тое, што сытуацыя са зьніжэньнем узроўня аховы Ціханоўскай прывяла да скасаваньня яе візыту ў Армэнію, піша інфармацыйнае агенства Позірк.
Паводле слоў кіраўніка МЗС Літвы, ён чуў «розныя разважаньні» офіса Ціханоўскай пра перанос сваёй дзейнасьці па-за межы Літвы. Разам з тым ён нагадаў, што «офіс у Літве акрэдытаваны, мае афіцыйны статус».
«Дзе офіс хоча ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць — яны вольныя прыняць рашэньні. Але дзе б ён ні знаходзіўся, мы абавязкова будзем супрацоўнічаць, бо маем шмат агульных тэм... Мы маем пляны дзейнічаць як па далейшай падтрымцы беларускай апазыцыі, так і па далейшым ціску на рэжым [Аляксандра Лукашэнкі]», — заявіў Будрыс.
Напярэдадні дарадца Ціханоўскай па дыпляматычных пытаньнях Дзяніс Кучынскі паведаміў парталу 15min. lt, што офіс Ціханоўскай быў вымушаны скасаваць «даўно заплянаваны, першы ў гісторыі візыт» у Армэнію на пленарнае пасяджэньне Euronest (28–30 кастрычніка).
«Гэта зьвязана з рашэньнем [Літвы] прыпыніць выкарыстаньне асабістай аховы — Службы бясьпекі першых асоб дзяржавы — за мяжой, — сказаў ён. — Мы спадзяваліся, што для краін з высокім узроўнем рызыкі будзе зробленае выключэньне, але, на жаль, гэтага не адбылося».
«Гэты візыт мог бы стаць важным крокам ва ўмацаваньні супрацы і пашырэньні нашай агульнай эўрапейскай пэрспэктывы», — адзначыў дарадца Ціханоўскай.
Кучынскі падкрэсьліў, што не крытыкуе рашэньне ўладаў Літвы. Паводле яго слоў, офіс беларускай лідэркі ўдзячны літоўскаму прэзыдэнту Гітанасу Наўседу, міністру замежных спраў Кястуцісу Будрысу і сьпікеру Сейма Юозасу Алексасу «за аказаную дапамогу».
7 кастрычніка стала вядома, што Літва зьніжае ўзровень фізычнай аховы Ціханоўскай, якая разам з сям’ёй пражывае ў Вільні. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. Шэраг літоўскіх палітыкаў раскрытыкаваў гэтае рашэньне (былы кіраўнік МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс назваў гэты крок здрадай). Экс-прэм’ер Літвы Інгрыда Шыманітэ назвала яго не тэхнічным, а палітычным.
Дзейная кіраўніца ўрада Інга Ругінене адзначыла, што ахова Ціханоўскай не зьнятая, але «скарэктаваная з улікам наяўных рэалій». На яе думку, літоўскія службы «выдатна выконваюць сваю працу, штодня ацэньваючы ўзровень пагроз і мадэлюючы, якія захады бясьпекі трэба рабіць на аснове гэтага».
- 8 кастрычніка Кучынскі заявіў, што праца фізычнага офіса ў літоўскай сталіцы прыпыненая ў сувязі «са зьменамі ў сыстэме аховы і бясьпекі».
- 14 кастрычніка Наўседа заявіў, што сытуацыя з аховай Ціханоўскай драматызуецца.
- На думку дэпутата, віцэ-старшыні камітэта па эўрапейскіх справах Сейма Літвы Томаса Тамілінаса, узровень аховы Ціханоўскай «як абранага прэзыдэнта» павінен застацца ранейшым, паколькі «беларускі рэжым ніяк не зьмяніўся».
- 17 кастрычніка стала вядома, што літоўскія ўлады часова вярнулі Ціханоўскай ахову — да тае пары, пакуль не будзе сфармаваная новая сыстэма бясьпекі.
- 22 кастрычніка намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка паведаміў пра «пагрозы ўчыненьня забойства», якія паступілі на яго адрас і на адрас Ціханоўскай.
Форум