Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная кампанія знайшла альтэрнатыву аўтамабільным грузаперавозкам у Літву


Цягнік на Беларускай чыгунцы, архіўнае фота
Цягнік на Беларускай чыгунцы, архіўнае фота

Альтэрнатыўны маршрут у Літву пралягае праз чыгунку з Маладэчна, паведамляе прадпрыемства «Белмытсэрвіс».

Чыгуначныя зносіны паміж Літвой і Беларусьсю не закрытыя, таму прапануецца чыгуначны маршрут.

«Белмытсэрвіс» — дзяржаўная кампанія, якая была створаная рашэньнем Дзяржаўнага мытнага камітэту на даручэньне ўраду і Савета бясьпекі Беларусі.

«Кірунак: Літва? Рашэньне: ёсьць! Альтэрнатыўны маршрут для бізнэсу ва ўмовах прыняцьця ўрадам Літвы рашэньня аб закрыцьці пунктаў пропуску з Беларусьсю на нявызначаны тэрмін, ... — філіял „РУП „Белмытсэрвіс“ — Офіс лягістыкі“ прапануе надзейную альтэрнатыву — чыгуначную дастаўку грузаў ад/да станцыі Маладэчна Менскага адзьдзяленьня Беларускай чыгункі», — піша кампанія ў сваіх сацсетках

Станцыя Маладэчна валодае неабходнай інфраструктурай для апрацоўкі чыгуначных адпраўленьняў, у тым ліку для мытных працэдур, што робіць яе ключавым вузлом у бягучых умовах, — паведаміла кампанія.

Пасьля прылётаў зь Беларусі балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, якія спынялі авіярух у аэрапорце Вільні літоўскі ўрад закрыў два апошнія пункты пропуску на мяжы з Беларусьсю. У выніку зьявіліся доўгія чэргі легкавікоў і аўтобусаў на выезьдзе зь Беларусі ў Польшчу.

Грузавыя транспартныя сродкі, якія выяжджалі ў Эўразьвяз празь беларуска-літоўскую мяжу, таксама пераарыентаваліся на польскі і латвійскі кірункі.

Улады Беларусі накіравалі літоўскія грузавікі толькі на беларуска-літоўскі ўчастак мяжы, пасьля гэтага, як паведамляе мытны камітэт Беларусі, колькасьць аўтамабіляў, якія чакаюць выезду ў Польшчу і Латвію, вярнулася да стабільных для цяперашняга часу лічбаў.

31 кастрычніка ўрад Беларусі пастанавіў забараніць праезд літоўскім фурам праз пункты пропуску іншых краін.

Што папярэднічала

Літва закрыла мяжу 27 кастрычніка пасьля масавых запускаў з тэрыторыі Беларусі паветраных балёнаў нібыта з кантрабандай.

У той жа дзень Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікала часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса, каб уручыць ноту пратэсту «ў сувязі з чарговым аднабаковым закрыцьцём мяжы з боку Літоўскай Рэспублікі, ажыцьцёўленым безь якога-небудзь папярэдняга паведамленьня».

Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы двойчы спыняла дзейнасьць сваіх пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы.

Перад тым Літва перадала на адрас Менску ноту пратэсту ў сувязі з частымі і рэгулярнымі парушэньнямі літоўскай паветранай прасторы.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 28 кастрычніка заявіў, што прылёт аэрастатаў, выяўленых на тэрыторыі краіны, — гэта «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў Літве».

Згодна з інфармацыяй Генэральнай пракуратуры Літвы, ад студзеня да верасьня ў Літве зафіксавалі больш за 500 выпадкаў перамяшчэньня кантрабандных цыгарэт паветранымі балёнамі. 12 справаў суды ўжо разгледзелі, чатыры ў працэсу разгляду. 18 чалавек прызналі вінаватымі, агульная сума спагнаных зь іх штрафаў перавышае 111 тысяч эўра.

Генэральная пракурорка Ніда Грунскене асобна зьвярнула ўвагу на тое, што ў Крымінальным кодэксе Літвы няма тэрміну «гібрыдная вайна», але, нягледзячы на гэта, правяраюцца розныя вэрсіі, каб даказаць, што перамяшчэньне кантрабанды ў Літву — «арганізаваная дзейнасьць».

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG